БРО́ЎКІ ПЕТРУСЯ́ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й у Мінску.

Засн. 10.7.1980. Адкрыты для наведвання 29.12.1984. Мае 5 экспазіцыйных залаў, у т. л. 2 мемарыяльныя. Пл. экспазіцыі 110,5 м². Налічвае больш за 20 тыс. экспанатаў асн. і навук. дапаможнага фонду (1996). Знаходзіцца ў доме, дзе П.​Броўка жыў у 1951—80. Зберагае рэчы духоўнай, матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём, творчасцю і грамадскай дзейнасцю паэта. Сярод іх рукапісы твораў П.​Броўкі, яго кнігі, выдадзеныя на розных мовах, кнігі бел. і зарубежных пісьменнікаў з дарчымі надпісамі; асабістыя рэчы, дакументы паэта, творы жывапісу, графікі і скульптуры (З.​Азгура, А.​Бараноўскага, В.​Бялыніцкага-Бірулі, А.​Кашкурэвіча, Г.​Паплаўскага і інш.). Філіял — хата-музей Петруся Броўкі ў Пуцілкавічах (Ушацкі р-н Віцебскай вобл.).

т. 3, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)